Беларускія мастакі ў «АРТ ПРАСПЕКЦЕ 2015» / Санкт-Пецярбург

Праекты Андрэя Дурэйкі, Ігара Саўчанкі і Сяргея Шабохіна будуць прадстаўленыя ў межах Фестываля паблік-арта «АРТ ПРАСПЕКТ» у Санкт-Пецярбургу. 

Фестываль «АРТ ПРАСПЕКТ» — найбуйнейшы штогадовы фестываль паблік-арта ў Санкт-Пецярбургу. Заснаваны некамерцыйнай арганізацыяй CEC ArtsLink у 2012 годзе, фестываль мяняе звыклы гарадскі ландшафт і напаўняе вуліцы, двары, паркі і іншыя грамадскія прасторы творамі сучаснага мастацтва. У 2015 годзе фестываль «АРТ ПРАСПЕКТ» атрымаў падтрымку Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга і будзе арганізаваны сумесна з творчай прасторай Yarky Hostel&Space.

Prospectus_1

Тэма фестывалю — «Гульні». Выбар дадзенай тэмы абумоўлены галоўнай асаблівасцю «АРТ ПРАСПЕКТА 2015» — да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца пераважна арт-групы, а таксама мастакі, якія працуюць у жанры participatory art (т.зв. партыцыпаторнае мастацтва ці мастацтва ўдзелу, якое разглядае гледача як суаўтара і паўнавартаснага ўдзельніка творчага працэсу). Канцэпт гульні, разгледжаны ў кантэксце сучаснага мастацтва і калектыўнай ідэнтычнасці, дазваляе праблематызаваць ўзаемадзеянне як досвед і як практыку і ставіць перад удзельнікамі цэлы шэраг пытанняў.

Якая гістарычная роля мастацкіх аб’яднанняў у сучаснай Расіі і за мяжой? Як сучаснае мастацтва звязанае з паняццем «калектыўнага» і якім чынам мясцовыя супольнасці, не звязаныя са светам мастацтва, могуць быць уключаныя ў працэс стварэння твора мастацтва?

Фестываль ставіць перад сабой задачу знайсці агульныя падыходы калектыўнага і мастацкага праз адкрытыя сучасным мастацтвам прыёмы і практыкі, выкарыстоўваючы канцэпт гульні як форму пераасэнсавання сацыяльнага і эстэтычнага ўзаемадзеяння. Спецыяльныя праекты фестывалю — перформанс італьянскай арт-групы «Trial Version» у межах праграмы «Arts for the City», а таксама выстава арт-групы «Калектыўныя дзеянні», адкрыццё якой адбудзецца ў галерэі «Люда» у кастрычніку 2015.

PROSPECTUS
17-20.09.2015
вул. Наварасійская, Санкт-Пецярбург, Расія

Беларускія аўтары Андрэй Дурэйка, Ігар Саўчанка і Сяргей Шабохін не з’яўляюцца групай у класічным разуменні, але спецыяльна для «Арт Праспэкту» прадставяць тры сваіх праекта, аб’яднаных адной агульнай назвай «pro_spectus» (праспект (ад лат.pro_spectus) — від будучага, выгляд развіцця, праектаванне будучага, перспектыва праекта). Гэта праект — спроба ўзаемадзеяння трох незалежных беларускіх мастакоў, якія не толькі працуюць самастойна, але і на момант падрыхтоўкі прац знаходзіліся ў розных краінах — што становіцца тыповым становішчам для сённяшняга арт-асяроддзя. Тры іхнія праекты («Досведы канататыўнага перакладу», «Пунктуацыя», «St()ry») таксама аб’яднаныя лінейным характарам экспанавання ўздоўж Наварасійскай вуліцы. Працы пераведзеныя ў гарызантальную плоскасць, кожная з іх працягвае форму, зададзеную папярэднікам: фразы на асфальце Ігара Саўчанкі, чырвонае шматкроп’е Андрэя Дурэйка як іх працяг і гарызантальная вітрына Сяргея Шабохін з артэфактамі, слядамі памяці месца і людзей.

Prospectus_2


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology